Пасля катастрофы самалёта ў Казахстане ёсць тыя, хто выжыў
19- 25.12.2024, 15:38
- 23,402
Іх можа быць да 25 чалавек.
Самалёт авіякампаніі Azerbaijan Airlines упаў каля Актау, адміністрацыйнага цэнтра Мангістаўскай вобласці Казахстана. На ягоным борце былі дзясяткі чалавек, ёсць загінулыя і выжылыя, паведамляе казахстанская служба «Радыё Свабода».
Самалёт Embraer накіроўваўся з Баку ў расейскі Грозны. Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, лайнер падаў сігнал надзвычайнай сітуацыі, калі знаходзіўся над Каспійскім морам.
На кадрах, якія апублікавалі відавочцы з месца падзей, відаць, як самалёт зніжаецца над аэрапортам Актау. Потым ён пад кутом уразаецца ў зямлю. На відэа відаць выбух і слуп дыму.
Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Казахстана паведаміла, што выратавальныя брыгады працуюць на месцы.
Інфармацыя пра колькасць пасажыраў і тых, хто выжыў у авіякатастрофе, на борце адрозніваецца. СМІ са спасылкай на казахстанскія ўстановы пішуць, што ў самалёце знаходзіліся 67 чалавек, у тым ліку пяць чальцоў экіпажу.
Спачатку паведамлялася пра 12 дастаўленых у лякарню пасля крушэння самалёта; пазней паступіла інфармацыя, што выжылых 25.