Дроны атакавалі вайсковы аэрадром Балтымар у расейскім Варонежы
2- 26.12.2024, 11:02
- 4,374
Там знаходзяцца Су-34, якія выкарыстоўваюць для ўдараў КАБамі.
Дроны спрабавалі атакаваць вайсковы аэрадром Балтымар у расейскім Варонежы. Гэта адбылося раніцай 25 снежня.
Пра гэта паведамляе ASTRA.
Раніцай 25 снежня расейскае Міністэрства абароны заявіла, што нібыта супрацьпаветраная абарона перахапіла 59 беспілотнікаў. Пры гэтым 26 дронаў нібыта знішчылі над Белгародскай вобласцю, 23 - над Варонежскай, па тры - над Курскай, Бранскай і Тамбоўскай, адзін - над Азоўскім морам.
Як адзначае расейскае выданне, учора дроны спрабавалі ўдарыць па вайсковым аэрадроме «Балтымар» у Варонежы, над якім нібыта збілі некалькі дронаў.
ASTRA адзначае, што абломкі беспілотнікаў нібыта ўпалі на гараж у Варонежы, у выніку чаго ён згарэў. А ў вёсцы Новаграмяччы збіты беспілотнік пашкодзіў дах жылога дома.
«Пацярпелых няма, аэрадром не пашкоджаны», - піша выданне.
Вайсковы аэрадром Балтымар знаходзіцца ў Варонежы, прыкладна ў 175 км ад Украіны. Там дыслакуецца 47-ы бамбавальны авіяцыйны полк 105-й змешанай авіяцыйнай дывізіі. Асноўны тып самалётаў - Су-34, якія расейцы выкарыстоўваюць для ўдараў КАБамі.