У Менску здаюць у арэнду кватэру без водаправода, каналізацыі і прыбіральні
6- 26.12.2024, 15:25
- 8,188
Колькі хочуць за такія ўмовы?
У Менску шмат самага разнастайнага жылля. І ўсё адно на рынку нерухомасці можна знайсці кожны раз нешта новае і дзіўнае. На гэты раз прапануюць кватэру ў шматкватэрным доме-бараку, у якім выгод няма ніякіх, піша Blizko.by.
У аб'яве прапануецца ў арэнду кватэра ў 2-павярховым цагляным доме на вуліцы Кузьмы Мініна. Нумар дома не называецца, але на фота можна разгледзець пяцёрку на адраснай шыльдзе. На ўсёй вуліцы Мініна ёсць толькі пяць жылых двухпавярховікаў, і параўнальнае фота з панарамамі пацвярджае, што гэта сапраўды дом №5.
Да арэнды прапануецца кватэра на першым паверсе, агульная плошча складае 28,8 м2, жылая - 20,1, кухня - 8,6.
Вельмі вялікая па мерках панэлек кухня, але не спяшайцеся цешыцца. Водаправода няма, ваду даводзіцца насіць вёдрамі. Адпаведна, і прыбіральні таксама няма.
А што ёсць?
«Ёсць камора, якую можна ўладкаваць у якасці другога пакоя. Ёсць мэбля, дзве раскладныя канапы, рамонт - прымальны, газавая пліта, плошча 30 м2, добры выгляд з акна, вокны ў двор, дзіцячая пляцоўка, побач гіпермаркет і зялёная зона», - гаворыцца ў аб'яве. Лядоўня таксама ёсць (вельмі непрывабнага выгляду).
Гаспадар хоча здаць кватэру на працяглы тэрмін, прычым "без дзяцей, без праблем з алкаголем".
Кошт арэнды - 120 даляраў на месяц + камунальныя выплаты. Таксама гаспадар патрабуе заклад, які абяцае вярнуць пры высяленні.