Новыя ўлады Сірыі выцясняюць з правінцыі Тартус сілы Асада
- 26.12.2024, 18:29
- 6,032
Праходзіць ваенная аперацыя.
У сірыйскай правінцыі Тартус прыхільнікі зрынутага дыктатара Сірыі Башара Асада забілі 14 сірыйскіх паліцыянтаў. Аб сутыкненнях паведаміў пераходны ўрад, які ўзначальваюць паўстанцы з ісламісцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам». Улады Сірыі пазней абвясцілі аб правядзенні аперацыі для выцяснення з рэгіёну «сіл Асада», паведамляе BBC.
Кіраўнік МУС у пераходным урадзе Махамед Абдэль Рахман растлумачыў, што група праваахоўнікаў патрапіла ў «засаду», учыненую лаяльнымі Асаду сіламі. З яго слоў, яшчэ сама меней 10 супрацоўнікаў сірыйскай паліцыі атрымалі раненні.
Паводле звестак Сірыйскага цэнтра маніторынгу за выкананнем правоў чалавека (SOHR), які базуецца ў Брытаніі, у перастрэлцы загінулі тры ўзброеныя чалавекі. У SOHR не ўдакладнілі, ці з'яўляюцца яны прадстаўнікамі алавіцкай меншасці.
Часовы ўрад Сірыі паабяцаў ужыць жорсткія захады супраць усякіх сіл, якія паспрабуюць «падарваць бяспеку краіны або паставяць пад пагрозу жыццю яе грамадзян».
Сутыкненне з лаяльнымі Асаду сіламі адбылося на захадзе Сірыі каля партовага горада Тартуса, большасць насельніцтва якога складаюць алавіты, якія традыцыйна падтрымлівалі дынастыю Асадаў.
У сераду 25 снежня адразу ў некалькіх гарадах на захадзе Сірыі прайшлі акцыі пратэсту, удзельнікамі якіх былі шыіты і алавіты.
Нагодай для пратэсту стала распаўсюджанае ў сацсетках відэа з нападам на алавіцкую святыню Аль-Хусэйна бін Хамдана Аль-Хашыбі ў Алепа.
Новыя ўлады Сірыі сцвярджаюць, што апублікаванае ў сацсетках відэа было знятае яшчэ напрыканцы лістапада. Аднак гэтыя запэўненні не дапамаглі спыніць хвалю абурэння сярод алавіцкай меншасці.
Дэманстрацыі прайшлі ў Хомсе, дзе сама меней адзін удзельнік акцыі пратэсту быў забіты падчас сутыкнення пратэстоўцаў з паліцыяй. Таксама дэманстрацыі прайшлі ў Тартусе, Латакіі і Кардаху - родным горадзе бацькі Башара Асада - Хафеза Асада.
Пасля разгону масавых акцый пратэсту ў правінцыях Латакія і Хомс была ўведзеная каменданцкая гадзіна на адну ноч - да 8 раніцы 26 снежня.
Аб патрабаваннях пратэстоўцаў дакладных звестак няма. Як паведамляе агенцтва Reuters, удзельнікі акцый пратэсту, імаверна, патрабуюць гарантый бяспекі пасля падзення рэжыму Башара Асада.
Жыхары рэгіёнаў, дзе прайшлі акцыі пратэсту, распавялі агенцтву, што акцыі пратэсту былі выкліканыя ціскам і выпадкамі ўжывання гвалту ў дачыненні да алавітаў пасля падзення рэжыму Асада.
Алавіцкая меншасць, інтарэсы якой прадстаўляў Асад, асцерагаецца помсты з боку новых уладаў - за катаванні і пакаранні, учыненыя рэжымам Асада.
Рэлігійныя лідары алавітаў заклікалі новыя ўлады Сірыі да «агульнай амністыі» для прадстаўнікоў сваёй грамады.