Украінскі баксёр Вусік прызнаўся, што носіць падроблены гадзіннік Rolex за $100
11- 26.12.2024, 19:18
- 7,188
Баксёр-мільянер купіў гадзіннік на пляжы ў Турцыі.
Чэмпіён свету ў суперцяжкай вазе паводле версіяў WBA, WBC і WBO Аляксандр Вусік заявіў, што носіць падроблены гадзіннік Rolex, які купіў на пляжы ў Турцыі. Фрагмент інтэрв'ю ўкраінскага баксёра апублікаваны на старонцы Home of Fight у сацсетцы X.
Вусік сказаў падчас інтэрв'ю, што хоча пахваліцца, і паказаў гадзіннік, які назваў «кітайскімі Rolex» за $100.
«Быў у Турцыі на падрыхтоўцы, выйшаў на бераг, там дзецюкі ходзяць: «Rolex, Rolex». Я падумаў, што калі куплю Rolex, мала хто падумае, што яны падробленыя», - сказаў Вусік.
Як адзначае Daily Mail, прызнанне Вусіка можа закрануць яго былога суперніка Тайсана Ф'юры, які вядомы сваёй любоўю да гадзіннікаў Rolex і Jacob & Co.
Вусік у ноч на 22 снежня перамог у Эр-Рыядзе Ф'юры ў паядынку-рэваншы, прызавы фонд якога ацэньваўся ў $190 млн, з якіх большая частка дасталася ўкраінцу.
Усяго на рахунку Вусіка 23 перамогі ў 23 баях за кар'еру.