Forbes: Украіна разгортвае ў Пакроўску «жалезны кулак» з Leopard 2
2- 28.12.2024, 10:35
- 8,140
155-я механізаваная брыгада мае нямецкія танкі, французскія гаўбіцы і 2000 новых салдатаў.
Новая ўкраінская механізаваная брыгада і яе танкі Leopard 2 могуць узмацніць абарону Пакроўска – непасрэдна перад магчымым наступам Расеі, піша Forbes.
«Зацішша перад бурай»
Каляды ў Пакроўску прайшло ў трывожнай цішыні. Гэты горад, важны транспартны вузел Данецкай вобласці на ўсходзе Украіны, да лютага 2022 года, калі Расея пачала вайну супраць Украіны, меў насельніцтва блізу 60 000 чалавек. Цяпер у горадзе засталося вельмі мала цывільных асобаў – у асноўным тут знаходзяцца вайскоўцы ўкраінскага войска.
«У горадзе пануе непрыемная цішыня... зацішша перад бурай», – падзяліўся баец-добраахвотнік Дзяніс Хрыстоў.
Гэтая бура мае назву: 90-я гвардзейская танкавая дывізія расейскага войска. Гэта адзін з ключавых элементаў магутных расейскіх сухапутных сілаў, якія ўключаюць дзясяткі брыгадаў і палкоў у складзе двух палявых армій, агульнай колькасцю да 70 000 вайскоўцаў. Гэтыя сілы прасоўваюцца ў кірунку Пакроўска, імкнучыся захапіць горад у пачатку чацвёртага года вайны.
Украіна разгортвае новую брыгаду ў Пакроўску
Украінскі гарнізон у Пакроўску і ягоных наваколлях значна меншы колькасцю: прыкладна да 10 брыгадаў, кожная з якіх налічвае не больш за 2000 салдатаў. Аднак украінцы атрымліваюць важную падтрымку. Адна з найноўшых брыгадаў УСУ – 155-я механізаваная брыгада – разгортваецца паблізу горада. У яе складзе – нямецкія танкі Leopard 2 і французскія гаўбіцы Caesar, якія брыгада атрымала пасля вучэнняў у Францыі і Польшчы.
Расейскія сілы прадаўжаюць прасоўвацца да Пакроўска. Найбліжэйшыя падраздзяленні знаходзяцца ўсяго за 6,4 км ад горада. Уздоўж 1287-кіламетровай лініі фронту расейскія войскі ажыццяўляюць наступальныя дзеянні як на захадзе Расеі, так і на поўначы, усходзе і поўдні Украіны. У Курскай вобласці расейскія атакі маюць асобную мэту, аднак іх вынікі могуць паўплываць на будучую бітву за Пакроўск.
Паводле звестак Украінскага цэнтра абаронных стратэгій, расейскія падраздзяленні на поўдзень ад Пакроўска прасоўваюцца з мэтай стварэння абарончай лініі. Яна можа ўтрымліваць украінскія сілы ад умацавання абароны Пакроўска або прарыву блакады горада.
Украінскія войскі, верагодна, паспрабуюць супрацьстаяць гэтаму, перакінуўшы некалькі брыгадаў і батальёнаў. Пасля гэтага магчымага манеўру можа адбыцца яшчэ адзін важны этап – кароткі расейскі наступ на поўнач ад Пакроўска, накіраваны на частковае акружэнне горада, перад тым як пачнуцца асноўныя баі за транспартны вузел.
Да гэтага моманту 155-я механізаваная брыгада павінна быць поўнасцю разгорнутая ў Пакроўску, маючы ў сваім распараджэнні нямецкія танкі, французскія гаўбіцы і 2000 новых салдатаў. Пытанне, ці хопіць гэтых сілаў для ўтрымання горада, з'яўляецца адным з ключавых у гэтай фазе вайны, якая ўжо забрала жыцці і пакалечыла больш за мільён чалавек, большасць з якіх – расейцы.