The Telegraph: Расейская дэзынфармацыя пачынае даваць збоі
3- 29.12.2024, 16:26
- 11,724
Захад павінен карыстацца новымі слабымі месцамі Крамля.
Расея амаль напэўна збіла яшчэ адзін цывільны самалёт. Раніцай 25 снежня ў Актау, Казахстан, разбіўся самалёт Azerbaijan Airlines, у выніку чаго загінулі 38 чалавек, яшчэ 29 атрымалі раненні. Самалёт збіла расейская ракета класу «зямля – паветра».
Расея адрэагавала на гэтую трагедыю звыклым спалучэннем заблытвання і дэзынфармацыі. У тэлефоннай размове са сваім азербайджанскім калегам Ільхамам Аліевым Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння за «трагічны інцыдэнт, які адбыўся ў расейскай паветранай прасторы», але не ўзяў на сябе адказнасць за катастрофу.
Расейскія СМІ публікуюць канспіралагічныя тэорыі, каб схаваць нязручную праўду пра прычыны крушэння. Былы дарадца Крамля Сяргей Маркаў абвінаваціў у падзенні самалёта ўкраінскі беспілотнік, які нанёс ілжывы ўдар. Таксама шырока распаўсюджваліся версіі пра такія форс-мажорныя абставіны, як паломка рухавіка і сутыкненне з зграяй пералётных птушак, адзначае Самуэль Рамані, рэпарцёр The Telegraph.
Гэтая прапагандысцкая стратэгія хлусні адлюстроўвае рэакцыю Крамля на катастрофу рэйсу MH17 Malaysia Airlines у ліпені 2014 года, збітага зенітна-ракетным комплексам «Бук» на акупаванай Расеяй усходняй Украіне, але з адным ключавым адрозненнем: тады расейская дэзынфармацыя была значна больш эфектыўнай, чым цяпер.
На гэты раз ёсць прыкметы таго, што расейская дэзынфармацыя пачынае даваць збоі. Адмова Крамля ўзяць на сябе адказнасць за інцыдэнт пахіснула міжнародны давер да бяспекі паветранай прасторы Расеі. Ізраільская авіякампанія El-Al, FlyDubai і казахстанская Qazaq Air з'яўляюцца аднымі з перавознікаў, якія або скарацілі, або на нявызначаны час прыпынілі палёты ў Расею.
Рамані зазначае, што Захад павінен праактыўна скарыстацца новымі слабымі месцамі расейскай дэзынфармацыі.