Для беларускіх кіроўцаў з'явілася навіна з меддаведкамі
9- 29.12.2024, 20:13
- 23,978
Чыноўнікі анансавалі і іншыя змены.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі расказала пра новаўвядзенне, што закране кіроўцаў, якія праходзяць медкамісію ў Менску. Цяпер ім і тым, хто толькі атрымлівае правы на кіраванне транспартам, не трэба несці ў ДАІ папяровую меддаведку – там будзе яе электронны варыянт.
«Вынікі абследавання (выснова МРЭК) будуць трапляць у базу звестак ДАІ для іх уліку пры прыняцці пастановаў аб выдачы (замене) правоў кіроўцы, – удакладняюць ва ўстанове. – Сэрвіс пакуль пачынае працаваць у Менску і даступны ўсім кліентам 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў».
У Міністэрстве сувязі і інфармацызацыі ўдакладняюць, што «Міністэрству аховы здароўя пастаўленая задача распаўсюдзіць гэты сэрвіс на ўсе рэгіёны краіны».
«Запушчаны электронны сэрвіс – частка комплекснай дзяржаўнай паслугі ў абмене, выдачы пасведчання кіроўцы. Для пераводу ў электронны выгляд усіх этапаў гэтай паслугі ў 2025 годзе МУС, Мінабароны і Дзяржкаммаёмасць закончаць праекты аблічбоўкі паслуг на іх баку, – дадаюць у Міністэрстве сувязі і інфармацызацыі. – У выніку ў наступным годзе атрыманне (замена) правоў кіроўцы будзе максімальна пераведзенае ў лічбавы выгляд: ад падачы заявы да атрымання выніку».