Самым дарагім маладым стартапам у свеце прызналі кампанію, якую заснаваў беларус
14- 5.12.2024, 22:00
- 18,176
Што пра яго вядома.
У лістападзе стала вядома, што стартап Perplexity заканчвае новы раўнд інвестыцый аб'ёмам $500 млн з адзнакай $9 млрд. У выніку ён робіцца адным з самых дарагіх маладых стартапаў. Адметна, што сярод заснавальнікаў кампаніі - беларус Дзяніс Ярац.
Раней усяго за два гады амерыканскі стартап Perplexity, які распрацоўвае альтэрнатыву Google на базе штучнага інтэлекту, залучыў $400 млн. У яго ўклаліся ў тым ліку заснавальнік Amazon Джэф Бэзос, гендырэктар Y Combinator Гары Тан і распрацоўшчык графічных працэсараў Nvidia. Цяпер Perplexity атрымлівае блізу 15 млн пошукавых запытаў на дзень.
Дзяніс Ярац заснаваў Perplexity з двума партнёрамі ў ЗША, дзе жыве больш за 10 гадоў. Нарадзіўся ён у Гомелі, адукацыю атрымаў у Менску ў БДУ, дзе вывучаў матэматыку і кампутарныя навукі, а потым паспеў папрацаваць у Маскве.
Як паведамляе Forbes, сям'я Яраца не звязана ні з бізнэсам, ні з IT: бацька да выхаду на пенсію працаваў на трактарным заводзе, а маці была хатняй гаспадыняй.
У 2008 годзе праграміст прайшоў у еўрапейскі фінал спаборніцтваў Google Code Jam, які праходзіў у офісе Google у Цюрыху, а затым патрапіў у гэтую кампанію на размову, але працу не атрымаў. У 2011 годзе Дзяніс стаў інжынерам у Bing – пошукавіку ад Microsoft, пазней працаваў у сэрвісе абмену ведамі Quora. У 2022 годзе разам з партнёрамі ён вырашыў запусціць уласны прадукт.
Perplexity залучыла першыя ўкладанні ў верасні 2022-га, гэта былі $3,1 млн ад былога віцэ-прэзідэнта Twitter (цяпер X) Элада Гіла і іншых інвестараў. Цяпер стартап манетызуе свой прадукт у асноўным за кошт падпіскі, якую ўвялі летам 2023-га. За $20 на месяц карыстальнік сярод іншага атрымлівае больш 300 пашыраных адказаў на дзень, у той час як у бясплатнай версіі іх усяго тры.
Паводле слоў Дзяніса, па выніках мінулага года даход ад бізнэсу склаў блізу $2 млн, а сёлета вырас да $50 млн. Амаль усю суму прынесла падпіска для прыватных асоб.
У інтэрв'ю Forbes Ярац падзяліўся прагнозам, што Perplexity зойме месца "дзесьці пасярэдзіне" паміж двума IT-гігантамі Google і OpenAI. Першы працягне адказваць на простыя пытанні, а другі – развіваць чат-бот, дзе пошук – толькі адна з функцый.