З'явіўся сайт з узорамі савецкага манументальнага мастацтва Беларусі
- 7.12.2024, 10:23
- 2,252
На платформе сабраныя ўжо 336 аб'ектаў з розных рэгіёнаў краіны.
Беларускія энтузіясты стварылі сайт monumental.by, прысвечаны савецкаму манументальнаму мастацтву Беларусі. На праект звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына».
Сайт дазваляе захаваць і сістэматызаваць узоры савецкіх вітражоў, мазаік, сграфіта, якія ўпрыгожваюць фасады і інтэр'еры будынкаў па ўсёй Беларусі. Цяпер на платформе сабрана ўжо 336 аб'ектаў з розных рэгіёнаў краіны.
Паводле словаў аўтараў праекту, сайт будзе няспынна развівацца. Карта будзе дапаўняцца новымі тэкстамі і фатаграфіямі, а ў перспектыве пляцоўка стане паўнавартасным інфармацыйным рэсурсам з інтэрв'ю, архіўнымі матэрыяламі і падрабязнымі апісаннямі.
На гэты момант карыстальнікі могуць выбіраць розныя параметры для пошуку аб'ектаў: «стан», «даступнасць», «тэхніка выканання», «асноўныя працы» і шматлікае іншае. Таксама рыхтуюцца маршруты для падарожжаў, якія даюць магчымасць лепш вывучыць манументальнае мастацтва Беларусі.
На сайце можна ўбачыць і страчаныя аб'екты. Напрыклад, можна знайсці інфармацыю і фатаграфіі мазаікі са знесенага аўтавакзала «Маскоўскі» ў Менску. Цяпер на гэтым месцы будуецца хмарачос Газпрама.