24 снежня 2024, aўторак, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы расследуецца справа аб кантрабандзе фанеры з Беларусі ў краіны ЕЗ

2
У Польшчы расследуецца справа аб кантрабандзе фанеры з Беларусі ў краіны ЕЗ

Выяўленыя юрыдычныя асобы, якія маюць дачыненне да парушэння санкцый.

Супрацоўнікі аператыўна-следчага аддзела марскога аддзялення Памежнай службы Польшчы супольна з падатковай службай пад наглядам рэгіянальнай пракуратуры ў Гданьску (Польшча) праводзяць расследаванне паводле факту незаконнага ўвозу бярозавай фанеры з Беларусі ў краіны Еўрапейскага Звязу, піша «Позірк».

Як паведамляе прэс-служба ўстановы, падчас расследаванняў былі выяўленыя юрыдычныя асобы, якія маюць дачыненне да парушэння санкцый, уведзеных ЕЗ у дачыненні да Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне.

«Былі праведзеныя пераструсы на складах, у офісах, кватэрах, транспартных сродках, замацаваныя доказы куплі-продажу драўніны, а таксама вырабаў з яе на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу», – гаворыцца ў рэлізе.

Следчыя таксама канфіскавалі ўзоры бярозавай фанеры для правядзення спецыялізаваных лабараторных даследаванняў, у выніку якіх будзе вызначаная краіна паходжання драўніны.

2 сакавіка 2022 года супраць афіцыйнага Менска быў уведзены пакет санкцый ЕЗ, які сярод іншага ўтрымліваў забарону на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі, у тым ліку піламатэрыялаў, брыкетаў, паліўных гранулаў, фанеры і драўняных плітаў.

8 сакавіка таго ж года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй), прыняла пастанову прыпыніць сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і Расеі праз агрэсію супраць Украіны.

Пастановай урада № 140 ад 16 сакавіка 2022 года была спрошчаная працэдура продажу на экспарт некаторых відаў прадукцыі дрэваапрацоўкі. Сярод інашага, прыпыненае патрабаванне абавязковага біржавога гандлю паліўнай драўнінай, піламатэрыяламі (выключэнне ўмовы абавязковага біржавога гандлю дранкай на экспарт). Прыпыненае выкарыстанне вывазных мытаў на асобныя віды прадукцыі дрэваапрацоўкі пры іх рэалізацыі на экспарт (шчэпкі, піламатэрыялы за выключэннем неабрэзных, ДВП, ДСП, АСП, фанера).

Міхаіл Касько, які займаў тады пасаду старшыні «Беллеспаперапрама», заявіў, што пад еўрапейскія санкцыі трапіла амаль палова аб'ёму экспарту прадукцыі канцэрна. «Вядома, мы павінны разумець, што санкцыі нас не маглі не закрануць, паколькі больш за 40 адсоткаў экспарту прадукцыі, якую прадпрыемствы канцэрна выраблялі, адпраўлялася на рынкі Еўрапейскага Звязу», – сказаў ён.

5 снежня 2023 года ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў. У спіс кампаній, уключаных у пакет, быў «Беллеспаперапрам».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках