23 снежня 2024, панядзелак, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пуціна і Лукашэнкі істэрыка: пасля падзення Асада можа спрацаваць прынцып даміно

56
У Пуціна і Лукашэнкі істэрыка: пасля падзення Асада можа спрацаваць прынцып даміно

Мы назіраем пачатак распаду Расеі.

Рэжым Башара Асада ў Сірыі загінуў. Дыктатар, чыя сям'я з 1970 года кіравала краінай, уцёк. Як мяняецца расклад сіл у гэтым складаным рэгіёне? Ці стане параза Асада ўдарам па Расеі? Ці будзе Пуцін абараняць Лукашэнку?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Змітром Бандарэнкам:

- Абсалютна ніхто не чакаў, што рэжым Асада ўпадзе даслоўна за тры дні. Па-першае, самае галоўнае, гэта прыклад таго, што немагчыма ўтрымліваць уладу сілай на працягу доўгага часу без народнай падтрымкі.

Па-другое, няхай з замежнай дапамогай, але менавіта сірыйскія паўстанцы розных ідэалагічных кірункаў змагаліся з Асадам шмат гадоў і атрымалі перамогу.

Удары Ізраіля па “Хезбале” (практычнаму знішчэнню яе як вайсковай сілы), удары па складах іранскага войска і шыіцкай міліцыі з Ірака, прывялі да паломкі вайсковай машыны, якая падтрымлівае Асада.

Трэба памятаць, што і старэйшы Асад, які кіраваў Сірыяй 30 гадоў, і ягоны сын, належаць да алавітаў. Яны толькі апошнім часам сталі лічыцца галіной шыізму, а напраўду яны вядуць свой радавод яшчэ ад так званых ісмаілітаў, якіх многія не ўважаюць за мусульман. Алавітам у Сірыі было неабходна дамагчыся таго, каб шыіцкія багасловы прызналі іх як шыітаў, бо ў сірыйскай Канстытуцыі прэзідэнтам можа быць толькі мусульманін.

Таму Асад змог стаць прэзідэнтам, заручыўшыся падтрымкай іранскіх багасловаў, якія прызналі алавітаў шыітамі. Гэта важны момант, таму што 75% сірыйцаў належаць да суніцкай галіны ісламу.

Спачатку Асад мог утрымліваць уладу з падтрымкай СССР. Мы ведаем, што Партыя арабскага сацыялістычнага адраджэння ў свой час вельмі моцна падтрымлівалася з Масквы ўзбраеннем. Гэта была такая дыктатура арабскага псеўдасацыялізму, а калі СССР распаўся, уладу стала складана ўтрымліваць. У 2011 годзе народ паўстаў у выніку Арабскай рэвалюцыі, але тут на дапамогу ўжо малодшаму Асаду прыйшоў Іран.

Цяпер, пасля падзення Дамаска, пазіцыі Ірана ў рэгіёне моцна аслаблі. Гэта безумоўная перамога лідараў суніцкага свету - Савудаўскай Арабіі і Турцыі. Гэта, вядома ж, не значыць, што там хутка настане мір, што ўсё будзе выдатна. У Турцыі існуюць вялікія праблемы з курдамі, у арабскіх паўстанцаў таксама складаныя стасункі з курдамі, але ўсе адзіныя ў адным: галоўнай краінай, якая саступіла, з'яўляецца пуцінская Расея.

Мы ведаем, што Сірыя была такой "базай падскоку" для аперацый Пуціна ў Афрыцы, а цяпер яна практычна страчаная. Гэта ўдарыць і па інтарэсах Расеі ў Афрыцы, і па магчымасці падтрымліваць дыктатарскія афрыканскія рэжымы.

Сёння шмат будзе залежаць ад палітыкі Францыі, бо гістарычна тэрыторыя Леванта - Лібана і Сірыі - была ў зоне адказнасці гэтай краіны. Калі Францыя і Вялікабрытанія зробяць смелыя крокі для пераўтварэння гэтага рэгіёну, то, магчыма, удасца пазбегнуць хаосу.

- Расея, хутчэй за ўсё, страціць свае вайсковыя базы ў Сірыі. Калісьці СССР давялося выводзіць войскі з Афганістана. І мы ведаем, да чаго гэта прывяло. Якія наступствы будуць на гэты раз?

- Падзенне Дамаска за тры дні паказала слабасць Расеі, і тое, пра што казаў і я, і многія аналітыкі - Расея вельмі слабая. Сёння ў яе няма рэсурсаў ні на вайну ў Сірыі, ні на аперацыі ў Афрыцы, ні на вайну ва Украіне. Гэта трэба разумець. У Пуціна проста няма грошай.

Высветлілася, што "нядзейсныя санкцыі" дзейныя, сяброўства з "вялікім Іранам" у гэтым рэгіёне, усе стратэгічныя дзеянні Расеі на працягу дзесяцігоддзяў, проста абрынуліся.

З іншага боку, можна сказаць, што працягваецца распад СССР. У Лібіі таксама рэжым Кадафі абрынуўся, а зараз абрынуўся рэжым Асада, бо няма грошай, рэсурсаў, вайсковай сілы ў Пуціна. Ён блефуе.

Як мэнэджар ён слабы. Расея магла б мець сёння блізу 6-8 трыльёнаў даляраў ВУП, калі б не ўлезла ў вайсковыя канфлікты, пачынаючы з Грузіі, не праводзіла б палітыку супрацьстаяння з Захадам.

Цяпер жа яе ВУП вагаецца ад паўтара да двух трыльёнаў. Расея і так ледзь выжывала, а зараз развязала гэтыя войны. Мы бачым яе агонію. Самае галоўнае - дэмаграфічная катастрофа. За вялізныя грошы людзі з глыбінкі гатовы ваяваць, але гэта фатальна падрывае эканоміку Расеі.

- Цікава адрэагаваў на падзеі ў Сірыі Дональд Трамп. Ён заявіў аб слабасці Расеі і расейскай эканомікі, што стала прычынай паразы ў Сірыі і вялізных страт ва Украіне. Да выбараў ён казаў пра моцную Расею. Чаму такая змена рыторыкі?

- Я ў яго заяве пачуў, што "трэба хутчэй ратаваць Уладзіміра", як ён часта называе Пуціна. Словы Трампа аб тым, што “Украіне трэба хутчэй укладаць мір ўсялякім шляхам”, нагадалі мне знакамітую прамову Джорджа Буша-старэйшага ў 1991 годзе, якая ўвайшла ў гісторыю як “Катлета па-кіеўску” ці “Chicken Kiev speech”. Калі распадаўся СССР, Джордж Буш заклікаў украінцаў "падтрымаць Гарбачова" і "не праяўляць нацыяналізм".

Заявы Трампа вельмі нагадваюць гэтыя словы. Выходзіць, што ягоныя дарадцы проста аблічыліся, а самае галоўнае — яны не разумеюць, што Пуцін блефуе і як ніколі слабы.

У мяне ёсць надзея, што Трамп выканае адно са сваіх абяцанняў. «Мір ва Украіне за 24 гадзіны яшчэ да інаўгурацыі” ўжо не будзе, але, спадзяюся, што ён стрымае абяцанне знізіць кошты бензіну для амерыканцаў, абрынуўшы сусветныя кошты нафты. Гэта будзе сур'ёзны ўдар па Расеі, які пакажа рэальны стан РФ як дзяржавы. Думаю, можа спрацаваць прынцып даміно, калі дзеянні Захаду будуць адэкватнымі.

Украінцам жа трэба стаяць на ўсе жылы, бо сітуацыя паказала, што дыктатарскія рэжымы падаюць вельмі хутка. Можа здарыцца так, што Пуціну давядзецца выводзіць войскі з акупаваных тэрыторый Украіны.

- Даслоўна некалькі дзён таму Лукашэнка і Пуцін у Менску падпісалі “гарантыі бяспекі”, беларускі правадыр папрасіў ракеты “Арэшнік” у дыктатара Крамля. І ўсё гэта на фоне таго, што Расея адмовілася ратаваць Асада. Напрошваецца пытанне: ці будзе Пуцін ратаваць Лукашэнку?

- Вядома, нам важнае ўласнае жыццё. Маё жыццё прайшло за 18-ццю гадамі дыктатуры Брэжнева, а цяпер больш за 30 гадоў дыктатуры Лукашэнкі. Але ў гістарычным маштабе гэта невялікі перыяд. Мы бачым, што дыктатарскія рэжымы працягваюць разбурацца. Цяпер мы назіраем пачатак распаду Расеі, адсякаюцца рудыментарныя шчупальцы, якія засталіся ад СССР.

Рудыментарная свядомасць генералаў і экспэртаў, якія мысляць катэгорыямі звышдзяржавы, памылковая, бо Расея можа перастаць быць нават рэгіянальнай дзяржавай, а ўся яе энергія будзе накіраваная на супрацьдзеянне самараспаду.

Мае знаёмыя пыталіся: "А што значаць усе гэтыя "саюзныя" дакументы аб гарантыях бяспекі для Лукашэнкі?" Гэта істэрыка двух дыктатараў. Яны ведаюць рэальную сітуацыю. Бо грошай у Расеі, мусіць, таксама засталося "на тры дні". Бразганне зброяй і патугі кагосьці запалохаць нагадваюць адну яшчарку, якая насамрэч маленькая, а ў нейкі момант робіць страшную пашчу, становіцца вышэйшай ростам. Вось Лукашэнка сапраўды такая яшчарка, толькі старая, ды яшчэ і мае ў сябрах не самага маладога партнёра, які абяцае, што “я цябе, Саша, “абараню”. Асада ўжо абаранілі. Тое самае чакае Лукашэнку.

Я ўпэўнены, што ў Беларусі будзе змена ўлады, бо калі 90% насельніцтва супраць цябе, калі твае эліты супраць цябе, а ты не можаш ім прапанаваць будучыню для іх і іхніх дзяцей, гэта азначае катастрофу.

Упэўнены, што ў Беларусі змена рэжыму будзе падобная хуткасцю на падзенне Асада, але па форме варыянт будзе іншым. Беларусь - еўрапейская краіна, якая мяжуе з краінамі ЕЗ і NАТО, а таксама Украінай, якая змагаецца за свабоду.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках