25 снежня 2024, Серада, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Каваленка: Расейская авіяцыя апынулася ў патавай сітуацыі

6
Аляксандр Каваленка: Расейская авіяцыя апынулася ў патавай сітуацыі

Ва УСУ з'явілася «доўгая рука».

На фронце ва Украіне пачаўся сапраўдны «самалётапад». 26 лютага ўкраінскія вайскоўцы збілі яшчэ адзін расейскі самалёт Су-34, а 23 лютага над Азоўскім морам быў збіты расейскі самалёт А-50У. Акрамя таго, 19 лютага УСУ збілі яшчэ два расейскія самалёты на ўсходзе.

Украінскі вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка ў інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў, з чым звязаны такі поспех Паветраных Сіл Украіны:

- Гэта нейкая «доўгая рука», паколькі знішчэнне А-50 адбылося за 250 кіламетраў ад лініі баявых сутыкненняў. Су-34 апошнія паўтара тыдня падаюць недзе ў межах 100 кіламетраў ад лініі фронту. Усе факты паказваюць на тое, што ёсць вызначаны сродак далёкага радыусу дзеяння, які паспяхова знішчае гэтую авіяцыю супраціўніка. Які менавіта? Пакуль не было ніякіх афіцыйных паведамленняў, выказваліся толькі здагадкі.

- Ці чакаць змены тактыкі з боку расейцаў? Ці пачнуць яны хаваць сваю авіяцыю?

- Не, не варта гэтага чакаць. Мы бачым, што расейцы проста не могуць сабе гэтага дазволіць, у іх сапраўды абмежаваная колькасць носьбітаў. Калі мы кажам, напрыклад, аб носьбіце КАБ Су-34, аб выведвальнай авіяцыі далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50, у іх абмежаваная колькасць гэтых самалётаў, асабліва А-50.

Але без іх расейскія войскі не могуць паўнавартасна функцыянаваць. Без Су-34 яны не могуць выкрываць украінскія ўмацаваныя раёны, дзе неабходнае масавае ўжыванне КАБ. Без А-50 яны не могуць атрымліваць дастаткова выведвальнай інфармацыі як аб сітуацыі ў паветранай прасторы Украіны, так і для карэктавання сваіх удараў тактычнай авіяцыі крылатымі ракетамі. Гэтыя самалёты патрэбныя нават для падтрымкі сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Разумеючы, наколькі высокая рызыка знішчэння кожнага з гэтых самалётаў, расейцы ўсё адно будуць іх ужываць, гэта патавая сітуацыя. Яны не могуць настолькі змяніць маршруты, каб быць у абсалютнай бяспецы, бо абсалютна бяспечны маршрут для іх знаходзіцца за некалькі сотняў кіламетраў ад мяжы з Украінай. Расейцы будуць апераваць у тых зонах, у якіх можна сабраць максімум выведвальнай інфармацыі, і ў тых зонах, у якіх Су-34 можна ўжываць па яго непасрэдным функцыянале.

- За апошнія дні УСУ знішчылі ўжо дзевяць самалётаў расейцаў. Калі так пойдзе далей, дык як гэта паўплывае на расклад сілаў на фронце?

- Даволі сур'ёзна. Калі з такой жа перыядычнасцю будуць збівацца А-50, то ў нейкі момант Расея апынецца ўвогуле без гэтых самалётаў, якія яна не можа вырабляць. А калі мы гаворым пра Су-34, то ў нейкі момант РФ застанецца без франтавых бамбавікоў з дадатковай функцыяй знішчальніка.

Расейцам давядзецца чымсьці замяняць гэтыя самалёты, напрыклад — больш састарэлымі Су-24, франтавымі бамбавікамі савецкага перыяду, альбо нават Су-30. Магчыма, будуць нават выкарыстоўваць Су-35 для гэтых мэт. Ім давядзецца пераходзіць на такую наменклатуру авіяцыі, якая будзе мець больш уразлівых месцаў. Напрыклад, тыя ж самыя Су-24 ці Су-30 будуць мець большую ўразлівасць, чым Су-34. Адпаведна, збівацца яны будуць у большай колькасці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках