23 снежня 2024, панядзелак, 22:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь у НАТА: міф ці рэальнасць?

16
Беларусь у НАТА: міф ці рэальнасць?
Андрус Кубілюс
Фота: 15min.lt

Будучыя дачыненні паміж Беларуссю і НАТА - важны чыннік.

Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю артыкулаў з кнігі "Беларусь у НАТА", выдадзенай фондам "Еўрапейская Беларусь". Гэты артыкул напісаны былым прэм'ер-міністрам Літвы і дэпутатам Еўрапейскага Парламента Андрусам Кубілюсам.

Пытанне пра будучыя стасункі Беларусі і НАТА сёння здольнае выклікаць іранічную ўсмешку ў сяго-таго, бо гэтая ідэя можа падацца адарванай ад рэальнасці. Аднак сярод геапалітычных узрушэнняў, якія скаланаюць увесь еўрапейскі кантынент, усякія пытанні пра будучыню Беларусі не гучаць наіўна альбо заўчасна.

Вядома, абмеркаванне будучых стасункаў Беларусі і НАТА прадугледжвае, што мы гаворым пра будучыя стасункі паміж дэмакратычнай Беларуссю і НАТА, бо пакуль тыран Лукашэнка фактычна кіруе Беларуссю, гэта мае мала сэнсу або ўвогуле бессэнсоўна.

Патэнцыйныя лідары дэмакратычнай Беларусі на працягу гадоў фармавалі праеўрапейскую геапалітычную сістэму каардынат, мэты і памкненні Беларусі пасля падзення рэжыму Лукашэнкі. Гэта вельмі важна, бо дазваляе народу Беларусі, які ўсё яшчэ жыве ў варунках рэпрэсій, зразумець, у якім кірунку дэмакратычныя сілы будуць весці Беларусь, калі яе народ зноў здабудзе права і свабоду вызначаць лёс сваёй краіны пасля падзення рэжыму.

Беларусы, вярнуўшы свае дэмакратычныя свабоды, апынуцца перад даволі простым выбарам: жыць нармальным і бяспечным еўрапейскім жыццём або адхіліць такую перспектыву, уважаючы за лепшае заставацца закладнікамі пасляімперскай палітычнай культуры, якая натхняецца ўсходнім ладам жыцця.

Як паказвае досвед апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў існавання ўсходнееўрапейскіх краін, як толькі гэтыя краіны аднавілі дэмакратычныя правы, яны імкнуліся дыстанцыявацца ад аўтарытарнай пуцінскай Расеі, яны імкнуліся як мага хутчэй інтэгравацца ў заходнія еўраатлантычныя структуры. Так было з Грузіяй, Украінай, Малдовай, а цяпер гэты шлях абрала і Арменія. Няма ніякіх рацыянальных довадаў, якія дазваляюць меркаваць, што дэмакратычная Беларусь не выбера той жа шлях. Таму можна з упэўненасцю канстатаваць, што дэмакратычная Беларусь будзе рухацца ў кірунку заходняй інтэграцыі, бо гэта адзіны спосаб гарантаваць бяспеку і росквіт свайго народа на еўрапейскім кантыненце.

Надоечы беларускія дэмакратычныя сілы пацвердзілі, што дэмакратычная Беларусь будзе імкнуцца стаць сябрам Еўразвязу. Вядома, канчатковы геапалітычны выбар зробіць народ дэмакратычнай Беларусі, калі верне сабе права і свабоду прымаць такія пастановы.

Беларускія дэмакратычныя сілы і ўстановы Еўрапейскага Звязу ўжо могуць пачаць падрыхтоўку да будучай інтэграцыі, а таксама пачаць распрацоўку і анансаванне праекта будучага Пагаднення аб асацыяцыі, бо такое пагадненне стане першым крокам на шляху да інтэграцыі.

Акрамя таго, трэба вызначыць, якімі будуць стасункі паміж дэмакратычнай Беларуссю і НАТА. У гэтым выпадку варта ўлічыць базу паняццяў і падставы што да такіх стасункаў, праводзячы адрозненні паміж імі скрозь прызму двух істотна розных сцэнароў геапалітычных змен у рэгіёне:

а) Расея разам з Беларуссю становіцца на шлях дэмакратычных пераўтварэнняў, або

б) Расея застаецца пад уладай аўтарытарнага рэжыму.

Чаму варта адрозніваць гэтыя два сцэнары?

Найперш варта закрануць тэму таго, як могуць адбывацца дэмакратычныя змены ў самой Беларусі. Ёсць некалькі тэарэтычна магчымых сцэнароў, у залежнасці ад таго, ці будуць такія змены адбывацца ў Беларусі і Расеі адначасова або ў розны час.

Па-першае, варта адзначыць, што асноўным трыгерам такіх змен можа стаць поўная перамога Украіны ў вайне з Расеяй, якая прымусіць Расею вывесці свае войскі з усіх акупаваных тэрыторый Украіны. У гэтым выпадку можна чакаць, што зрынутая Расея стане сведкам падзення крамлёўскага рэжыму, і ў той жа час унутры Расеі пачнуцца дэмакратычныя пераўтварэнні. Адначасова з гэтым у Беларусі абрынецца і рэжым Лукашэнкі, які ёсць стаўленікам Крамля.

Іншы магчымы сцэнар грунтуецца на тым, што перамога Украіны прычыніцца толькі да падзення рэжыму Лукашэнкі дзякуючы беларускаму палку Каліноўскага, які прыйдзе ў Беларусь пасля перамогі ва Украіне.

Апроч падзей у Расеі, значныя змены могуць адбыцца і ў Беларусі ў выпадку, калі Лукашэнка, які ўжо даўно меў прыкметныя праблемы са здароўем, нарэшце сканае або выявіцца няздольным кіраваць краінай з іншай прычыны. Гэта адчыніць акно магчымасцяў для значных змен, дзякуючы цяперашняй палітычнай і бізнэс-эліце Беларусі, якая вызваліцца ад дыктатуры Лукашэнкі. Гэта азначала б пачатак “беларускай перабудовы”, якая, як і савецкая перабудова за часамі Гарбачова, у канчатковым выніку вырвецца з-пад кантролю “перабудовачнай эліты” і ператворыцца ў сапраўдную дэмакратыю.

Акрамя таго, Беларусь можа пайсці шляхам, аналагічным таму, што прайшлі Украіна або Арменія ў свой час, незалежна ад пераўтварэнняў у Расеі. Там, напрыклад, блізкія да Крамля рэжымы Януковіча і Саргсяна былі скінутыя ў выніку масавых акцый у падтрымку дэмакратыі.

Лукашэнка жорстка здушыў першую такую спробу ў 2020 годзе, але гэта не касуе гістарычнай тэндэнцыі на постсавецкай прасторы, дзе дэмакратыя спакваля, але няўхільна распаўсюджваецца ад заходніх меж ва ўсходнія рэгіёны. З улікам такой гістарычнай заканамернасці дэмакратычныя перамены маюць адбыцца найперш у самой Беларусі і толькі потым распаўсюдзіцца на тэрыторыю Расеі. Прыклад Беларусі мог бы істотна стымуляваць насельніцтва Расеі.

У кожным выпадку, будучыя дэмакратычныя стасункі Беларусі з НАТА варта разглядаць у кантэксце двух магчымых сцэнароў развіцця падзей у Расеі: а) Беларусь ідзе шляхам дэмакратычных змен, у той час як аўтарытарны рэжым далей кіруе Расеяй, і б) Расея і Беларусь адначасова ідуць шляхам дэмакратычных пераўтварэнняў.

I. Аўтарытарная Расея і дэмакратычная Беларусь

Цалкам відавочна, што аўтарытарная Расея будзе выступаць супраць дэмакратычных змен у Беларусі і, як толькі яны адбудуцца, паспрабуе разладзіць дэмакратыю ў Беларусі ўсімі даступнымі ёй сродкамі, у тым ліку вайсковым шляхам паставіць пад пагрозу яе бяспеку. Дэмакратычная Беларусь з’яўляецца пагрозай для аўтарытарнага рэжыму ў Крамлі не таму, што яна будзе імкнуцца да Еўрапейскага Звязу або НАТА, пагражаючы тым самым бяспецы Расеі, а таму, што інтэграцыя Беларусі з Захадам паставіць само існаванне крамлёўскага рэжыму пад пагрозу. У Крамлі выдатна разумеюць, што інтэграцыя Беларусі з Захадам — гэта адзіная магчымасць паспяховага стварэння ў Беларусі варункаў для нармальнага еўрапейскага ладу жыцця. Дакладна такія варункі ствараліся ў Цэнтральнай Еўропе і ў краінах Балтыі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, а цяпер ствараюцца ва Украіне, Малдове, Арменіі ды Грузіі. Паспяховая інтэграцыя Беларусі з Еўрапейскім Звязам небяспечная толькі для крамлёўскага рэжыму (а не самой Расеі), таксама як і інтэграцыя Украіны з Еўрапейскім Звязам нясе пагрозу толькі для крамлёўскага рэжыму.

Поспех беларускай і ўкраінскай дэмакратый, якія стануць натхняльнымі і вартымі пераймання прыкладамі для расейскага народа, пахісне падваліны аўтарытарнага крамлёўскага рэжыму.

Няма сумневаў у тым, што расейскі народ, бачачы поспехі Украіны і Беларусі, будзе ўсё часцей задаваць пытанне, чаму такія дэмакратычныя змены не адбываюцца ў Расея, але яны азначалі б канец рэжыму Пуціна.

Ясна, што рэжым Пуціна распачаў агрэсіўную вайну супраць Украіны, баючыся перспектыў перамогі дэмакратыі. Таксама ён быў напалоханы народнай рэвалюцыяй у Беларусі, якая прадэманстравала, што меркаваная лаяльнасць, якую беларусы нібыта выяўлялі да рэжыму Лукашэнкі раней, была поўнай фікцыяй, якая выпарылася падчас першых масавых пратэстаў. Пуцін зразумеў, што лаяльнасць простых расейцаў да ягонага аўтарытарнага крамлёўскага рэжыму — гэта таксама фікцыя, якая можа рассеяцца таксама хутка. Пачаўшы вайну супраць Украіны, Пуцін імкнуўся не толькі перапыніць смяротна небяспечную для ягонага рэжыму траекторыю поспеху Украіны, але і запалохаць народ Беларусі — паглядзіце, што вас чакае, калі вы, як украінцы, будзеце імкнуцца да дэмакратыі і еўрапейскай інтэграцыі. Так, Пуцін меў дзве мэты: па-першае, пазбавіць простых расейцаў ад якой бы там ні было спакусы пільнавацца прыкладу сваіх суседзяў і дэмакратыі, якая перамагла ў іхніх краінах. Ён, безумоўна, спадзяваўся здушыць такія магчымасці моцай зброі. Па-другое, затлуміць галовы сваіх суграмадзян прапагандай і захапіць іх ваеннымі падзеямі.

Таму перспектывы дэмакратычнай Беларусі знаходзяцца ў дырэктыўнай залежнасці ад перамогі Украіны ў найбліжэйшай будучыні, якая пераканае беларусаў і расейцаў, што Пуцін не здольны перашкодзіць поспеху дэмакратыі ва Украіне. Такім чынам, ён будзе няздольны перашкодзіць поспеху дэмакратыі ў Беларусі, калі яна пойдзе тым жа шляхам.

Вайна Расеі супраць Украіны — гэта балючая навука для дэмакратычных краін Захаду, чыя даўняя і памылковая геапалітычная пазіцыя прычынілася да таго, што Пуцін у канчатковым выніку наважыў, што ён можа распачаць агрэсіўную вайну супраць Украіны, і Захад не адрэагуе адэкватна, таксама як Захад не здолеў адэкватна адрэагаваць на вайну ў Грузіі ды акупацыю Крыма. Галоўнай памылкай Захаду было пакінуць Украіну ў "шэрай" зоне бяспекі без рэальных перспектыў інтэграцыі з ЕЗ або НАТА. Нават пасля таго, як Украіна цвёрда выбрала шлях дэмакратычных пераўтварэнняў і еўрапейскай інтэграцыі ў 2014 годзе, Захад меркаваў, што інтэграцыя Украіны не мае "правакаваць Пуціна" і пільнаваўся гэтай пазіцыі, але менавіта гэта і справакавала агрэсію Пуціна, бо Захад не адчыніў дзверы для інтэграцыі і пакінуў Украіну ўсё ў той жа "шэрай" зоне.

Здаецца, Захад ужо ўсвядоміў сваю памылку, таму Украіна і Малдова сталі кандыдатамі на сяброўства ў ЕЗ, і перамовы аб іх сяброўстве, мабыць, пачнуцца неўзабаве. Чакаецца, што абедзве краіны стануць сябрамі ЕЗ пад 2030 год. Таксама імаверна, што і НАТА ў найбліжэйшай будучыні накіруе такое запрашэнне Украіне. Такім чынам, Украіна нарэшце выйдзе з небяспечнай “шэрай” зоны.

Гэтую навуку неабходна ўлічыць у канцэпцыі новай заходняй бяспекі на еўрапейскім кантыненце: дэмакратыі, якія ўзнікаюць і ўсталёўваюцца ў краінах-суседзях усходняга ЕЗ, не маюць заставацца ў "шэрай" зоне геапалітычнай бяспекі, бо гэта толькі стварае спакусу і правакуе агрэсію аўтарытарнага рэжыму ў Крамлі супраць суседніх дзяржаў, якія знаходзяцца ў працэсе станаўлення як дэмакратычныя дзяржавы.

Таму, у той час як Расея будзе знаходзіцца пад акупацыяй аўтарытарнага клептакратычнага рэжыму, не толькі сама Беларусь, здабыўшы дэмакратыю, павінна шукаць абароны свайго дэмакратычнага ладу шляхам інтэграцыі ў еўраатлантычныя арганізацыі, у тым ліку НАТА і ЕЗ, але і Захаду трэба дэманстраваць зацікаўленасць у інтэграцыі дэмакратычнай Беларусі і прапаноўваць для яе гарантыі бяспекі.

II. Дэмакратычная Расея і Дэмакратычная Беларусь

Пераход Расеі ад аўтарытарнай дзяржавы да дэмакратычнай рэспублікі станецца найбольш значнай зменай у архітэктуры бяспекі ўсяго еўрапейскага кантынента. Дэмакратычныя краіны не вядуць войны адна з адной. Гэта азначала б спыненне агрэсіўнай палітыкі Расеі ў дачыненні да ўсіх дэмакратычных суседзяў. Поспех дэмакратычных суседзяў больш не пагражаў бы аўтарытэту дэмакратычнай Расеі, а, наадварот, спрыяў бы здаровай канкурэнцыі для дасягнення такога ж узроўню ў самой Расеі.

Такая геапалітычная сітуацыя выкліча шырокі спектр пытанняў, напрыклад, аб будучых мэтах НАТА. НАТА было заснаванае ў 1949 годзе для абароны Захаду ад агрэсіўнай экспансіі аўтарытарнай сталінісцкай Расеі (Савецкай Імперыі) у Заходняй Еўропе. Пагрозы агрэсіі не існавала б без аўтарытарнага рэжыму ў Расеі. Можа здацца, што ў такім выпадку не толькі дэмакратычнай Беларусі больш не трэба будзе разглядаць пытанне аб сяброўстве ў НАТА, але і самой арганізацыі давядзецца пераасэнсаваць падставы свайго далейшага існавання ў варунках адсутнасці пагрозы з боку аўтарытарнага рэжыму. Што тады рабіць НАТА? Ад каго бараніць Еўропу?

Аднак існуе сур'ёзны стратэгічны аргумент на карысць таго, чаму НАТА варта не толькі захаваць, але і павялічыць за кошт дэмакратычнай Беларусі, не кажучы ўжо пра Украіну, і нават пасля таго, як Расея ператворыцца ў дэмакратычную дзяржаву. Больш за тое, гэта было б неабходна і самой дэмакратычнай Расеі.

Неўзабаве пасля дэмакратычных пераўтварэнняў Расея сутыкнецца з тыповай для ўсіх імперый на стадыі раскідання з'явай — настальгіяй грамадства аб былой велічы імперыі. Гэта ўжо стварала сур'ёзныя праблемы для дэмакратычнага ладу былых імперый. Дэмакратычны лад Расеі не змог вытрымаць такіх хваль настальгіі за часамі Ельцына, а Пуцін актыўна распальваў гэтую настальгію пасля прыходу да ўлады. Відавочна, што дэмакратычная Расея, калі яна адродзіцца, сутыкнецца з аналагічным выклікам. Гэтым разам Захад можа істотна дапамагчы расейскай дэмакратыі ў супрацьстаянні пагрозе “пасляімперскай настальгіі”. Захад павінен сваімі дзеяннямі паказаць, што Расея больш не мае шанцаў на аднаўленне імперыі, бо і Украіна, і дэмакратычная Беларусь будуць надзейна інтэграваныя ў заходнія арганізацыі ў сферы бяспекі (NATO) і эканомікі (ЕЗ).

Як сказаў Збігнеў Бжэзінскі, "Расея з магчымасцямі кантролю Украіны (і Беларусі) заўсёды застанецца імперыяй, а Расея, якая страціла гэтыя магчымасці, здолее дасягнуць дэмакратыі". Сяброўства Беларусі і Украіны ў НАТА стане выяўным сігналам таго, што ў Расеі ніколі больш не будзе магчымасці кантраляваць гэтыя краіны. Гэта было б вельмі карысна для зноў утворанай расейскай дэмакратыі.

Таму дэмакратычнай Беларусі ў кожным выпадку неабходна будзе імкнуцца да сяброўства ў НАТА не толькі дзеля абароны ад аўтарытарнага рэжыму ў Крамлі, але і дзеля дэмакратычнай Еўропы і ўстойлівага міру на ўсім еўрапейскім кантыненце.

Дэмакратычнай Расеі таксама будзе неабходна ўзмацніць супраціўленне хвалі “пасляімперскай настальгіі”.

На заканчэнне хацелася б адзначыць, што будучыя стасункі паміж Беларуссю і НАТА — гэта не проста фантазія, а магчымы і важны чыннік, які неабходна браць да ўвагі ў кантэксце дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі і ўплыву такіх пераўтварэнняў на геапалітычны ландшафт Усходняй Еўропы. Незалежна ад таго, які шлях да дэмакратыі трэба прайсці Беларусі (адначасова з Расеяй або незалежна ад яе), прапанова аб уступленні ў НАТА будзе мець вызначальнае значэнне як для бяспекі дэмакратычнай Беларусі, так і для спрыяння стварэнню больш стабільнай і мірнай Еўропы, а таксама для дапамогі Расеі ў пераадоленні настальгіі аб імперскай мінуўшчыне.

Андрус Кубілюс – літоўскі палітык, сябра Еўрапейскага парламента (MEP). Ён займаў пасаду прэм'ер-міністра Літвы з 1999 да 2000 года і з 2008 да 2012 года.

У 1990 і 1992 годзе ён быў адказным сакратаром Руху за незалежнасць Саюдзіс і пазней Старшынёй Звязу Айчыны, літоўскіх хрысціянскіх дэмакратаў з 2003 да 2015 года. Быў дэпутатам Сэйма Літоўскай Рэспублікі з 1992 да 2019 года.

Андрус Кубілюс – кіраўнік групы EPP Літоўскай дэлегацыі ў Еўрапейскім парламенце, сустаршыня Парламенцкай асамблеі Еўранэст, сталы дакладчык Еўрапарламента аб Расеі, ініцыятар і старшыня розных міжпарламенцкіх форумаў у Еўрапейскім парламенце, такіх як глабальная сетка "Адзінства дзеля Украіны" (U4U), Форум Усходняга суседства ЕЗ і Сябры Расейскага еўрапейскага форума.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках