25 снежня 2024, Серада, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін рыхтуе ядзерны ўдар па Украіне з тэрыторыі Беларусі?

79
Пуцін рыхтуе ядзерны ўдар па Украіне з тэрыторыі Беларусі?
Фота: Reuters

Састарэлыя дыктатары могуць пайсці ва-банк.

У выніку ядзерных «вучэнняў», якія праводзяць Расея і Беларусь, магчымае нанясенне ўдараў тактычнымі ядзернымі ракетамі па тэрыторыі Украіны.

Сёння стала вядома, што Беларусь далучаецца да Расеі на другім этапе ядзерных вучэнняў. Пра гэта заявіў у Маскве расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін. З яго слоў, дадзенае адпаведнае даручэнне міністэрствам абароны і генеральным штабам дзвюх краін.

«На гэты раз яны праводзяцца ў тры этапы. На другім этапе беларускія калегі падключацца да нашых супольных дзеянняў», - падкрэсліў ён.

Беларускі дыктатар Лукашэнка пацвердзіў гэта і падкрэсліў, што першы этап ядзерных вучэнняў краіны правялі паасобку.

«Але намі была прынятая ўчора пастанова, каб мы сінхранізаваліся і праводзілі другі і трэці этапы разам», — сказаў Лукашэнка. З яго слоў, генеральныя штабы пачалі ўжо выкананне.

6 траўня Мінабароны Расеі паведаміла, што Генштаб на даручэнне Уладзіміра Пуціна пачаў падрыхтоўку да правядзення найбліжэйшым часам вучэнняў ракетных злучэнняў Паўднёвай вайсковай акругі (ПВА) і сіл Вайскова-марскога флоту (ВМФ): на іх плануецца адпрацаваць «пытанні выкарыстання нестратэгічнай ядзернай зброі».

Акрамя таго, нагадаем, што Расея яшчэ ў 2023 годзе вывела ў мора караблі з тактычнай ядзернай зброяй (упершыню з часоў «халоднай вайны»).

Мінулыя буйныя расейска-беларускія вучэнні ў пачатку 2022 года прывялі да шырокамаштабнага расейскага наступу на Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Не выключана, што падчас гэтых супольных ядзерных «вучэнняў» па тэрыторыі Украіны могуць быць нанесеныя ўдары тактычнымі ядзернымі ракетамі. Магчымае месца нанясення ўдараў - захад Украіны з мэтай спыніць пастаўкі ўзбраенняў украінскаму войску ў рамках амерыканскай і еўрапейскай дапамогі.

Я б паставілася да такой пагрозы самым сур'ёзным чынам. Недаацэнка пагроз у мінулым, спроба ўважаць расейска-беларускія мілітарысцкія мерапрыемствы блефам ужо прывяла да катастрафічных наступстваў.

Можна спрачацца з экспертамі, наколькі такі крок мэтазгодны і эфектыўны з вайсковага пункту гледжання, але тое, што два састарэлыя шалёныя дыктатары ў вайне супраць Украіны гатовыя ісці на ўсякія, нават самыя вар'яцкія, крокі - відавочна.

Нагадаю, што вядомы амерыканскі аналітык і гісторык Юрый Фяльшцінскі даўно папярэджвае аб магчымасці нанясення ўдараў з тэрыторыі Беларусі па краінах-суседках.

Пагроза нанясення ядзерных удараў з тэрыторыі Беларусі істотна павышае імавернасць нанясення ўдараў у адказ па вайсковых аб'ектах і цэнтрах прыняцця пастаноў у РБ, у тым ліку, па дзвюх расейскіх вайсковых базах — вузле сувязі ВМФ РФ у Вілейцы і радыёлакацыйнай станцыі паміж Баранавічамі і Ганцавічамі, якія актыўна выкарыстоўваюцца Расеяй у вайне супраць Украіны. Лукашэнка стварае пагрозу жыццям усіх грамадзян Беларусі.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках