Палітолаг: Лукашэнку давядзецца пайсці на саступкі
28- 25.06.2024, 14:59
- 54,336
Польшча мае моцны рычаг для ціску на дыктатара.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які знаходзіцца з візітам у Кітаі, папярэдзіў Сі Цзіньпіна аб магчымым перакрыцці мяжы з Беларуссю.
Наколькі імаверна, што Варшава сапраўды пойдзе на гэты крок? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з палітолагам Дзмітрыем Балкунцом:
- Калі Польшча хоча прадэманстраваць сваю жорсткую палітычную волю, дамагчыся ўрэгулявання міграцыйнага крызісу і вызвалення палітвязняў, то гэта сёння адзіная магчымасць, каб прымусіць Лукашэнку пайсці на саступкі. Думаю, гэта была б дастаткова жорсткая ініцыятыва, якая дасягнула б поспеху. Гэтыя тэмы гучаць у Пекіне на сустрэчы з лідарам Кітая, аб перакрыцці мяжы казаў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі. Гэта паказвае сур'ёзнасць намераў з боку Польшчы.
Толькі, на мой погляд, размова ўсё ж ідзе аб грузах, а не аб пасажырскіх перавозках, бо грамадзяне Беларусі і Польшчы тут ні пры чым. У гэтых міграцыйных пытаннях трэба вельмі жорстка аддзяляць насельніцтва Беларусі і Польшчы ад тых дзеянняў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі.
Пакараць Лукашэнку можна толькі з дапамогай перацінання мяжы для грузаў, якія ён разам з Пуціным возіць у Еўропу. Вядома, у гэтай сітуацыі пад пагрозай знаходзіцца і кітайскі транзіт, таму Лукашэнка з'яўляецца пагрозай для бяспечнага экспарту і імпарту кітайскіх тавараў у Еўрапейскі Звяз, у тым ліку - і для польскіх вытворцаў.
Гэта вельмі своечасовая ініцыятыва, якая можа дасягнуць выніку. Падкрэслю, што тут важна, каб польскі бок не толькі адзін пункт закранаў, які тычыцца міграцыйнай вайны, развязанай Лукашэнкам і Пуціным на межах Еўразвяза, тут таксама важнае і пытанне палітычных зняволеных. У мяне няма ніякіх сумневаў, што калі гэта будзе да канца даціснутае, то цягам кароткага часу Лукашэнка без усялякіх умоваў вызваліць усіх палітвязняў, у яго няма іншых варыянтаў.
Учора была сустрэча Лаўрова і Алейніка, відаць была дастаткова нервовая рэакцыя абодвух кіраўнікоў МЗС. Сёння Лаўроў сядзіць ужо на канапе разам з Алейнікам і выслухоўвае нейкія заявы Лукашэнкі. Думаю, што тэма граніцы таксама будзе абмяркоўвацца, што Кітай гэта проста так не пакіне і будзе па дыпламатычных каналах перадаваць свае пытанні на адрас Масквы і Менска.
Складана ігнараваць тыя просьбы, якія гучаць ад палітыкаў, вядомых навукоўцаў, нобелеўскіх лаўрэатаў з усяго свету. І гэта важна, што гэтая пазіцыя ўсё ж знаходзіць сваё адлюстраванне і агучваецца з боку афіцыйных асоб.
- Наколькі Кітай можа паўплываць на рэжым Лукашэнкі ў гэтым пытанні?
- Калі мы паглядзім на афіцыйны гандаль, які ёсць паміж Кітаем і Беларуссю, параўнаем з тым, як гандлюе, напрыклад, Кітай з Польшчай, то відавочна, што розніца там велізарная. Тавараабарот паміж Кітаем і Беларуссю блізу дзесьці 7 мільярдаў даляраў ЗША на год, а паміж Польшчай і Кітаем — амаль 50 мільярдаў, разрыў гіганцкі. Відавочна, што для Кітая Польшча больш прыярытэтная краіна з пункту гледжання эканомікі, чым Беларусь.
Улічваючы транзітны патэнцыял Беларусі, Кітай, канечне, зацікаўлены ў тым, каб тавары, якія яны адпраўляюць па чыгунцы ў Еўропу, бесперашкодна праходзілі. Таму ўсе перашкоды, якія на іх шляху могуць узнікаць, павінны нейкім чынам быць спыненыя.
Відавочна, што Кітай у гэтым плане можа стаць «спадарожнікам» у развязанні двух гэтых канцэптуальных пытанняў, якія знаходзяцца сёння на парадку дня. Гэта і пытанне міграцыйнага крызісу, і пытанне палітвязняў, яны павінны быць разгледжаныя разам, нельга іх падзяляць. Я абсалютна перакананы, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца.
Маю дадаць, што з пачатку студзеня ў Варшаве было праведзена блізу 10 акцый. Адну з іх правяла каля кітайскага пасольства група беларускіх грамадзян, якія ў тым ліку перадалі петыцыю на адрас кітайскага кіраўніцтва з апавяшчэннем, што плануецца акцыя па перацінанні мяжы. Іншая акцыя праходзіла літаральна два тыдні таму каля прэзідэнцкага палаца ў Варшаве, і сведкам гэтай акцыі быў кітайскі пасол, які прыязджаў тады да прэзідэнта Дуды. Невядома, выпадкова гэта было ці не, але такая гісторыя была.
- Вы ўжо закранулі тэму нервовай рэакцыі Лаўрова і Алейніка на заявы з боку Польшчы. А як будзе дзейнічаць Лукашэнка, калі Варшава сапраўды заблакуе мяжу? Як будзе развівацца сітуацыя?
- Першы час у яго будзе істэрыка, будуць яго традыцыйныя крыкі, калі мы гаворым менавіта пра перацінанне грузавых маршрутаў. Цяпер працуе адзін пагранпераход, які прапускае фургоны з таварамі, а таксама тры ці чатыры пагранпераходы, якія прапускаюць тавары па чыгунцы. Калі яны будуць спыненыя, то Лукашэнка будзе спачатку псіхаваць, а потым будзе вымушаны пайсці на саступкі.
Асабліва балюча гэтая гісторыя закране менавіта чыгунку, бо гэта можа паралізаваць і пасажырскія перавозкі ўнутры краіны. Чыгунка - гэта вельмі складаны механізм, там усё распісанае па хвілінах на тыдні наперад, рух усіх цягнікоў. Усякія абмежаванні прыводзяць да калапсу на чыгунцы.
Вось гэты захад сапраўды можа прымусіць Аляксандра Лукашэнку адпусціць палітычных зняволеных. Як ён гэта будзе рабіць - яго праблемы. Ён можа іх амніставаць, можа проста адпусціць іх без усялякіх прычын і гэтак далей. Я мяркую, што гэта сапраўды вельмі моцны інструмент, які здольны дасягнуць выніку.
Лукашэнка ў курсе аб тым, што такія дзеянні плануюцца, і, як мне падаецца, пытанні, узнятыя сёння польскім бокам, былі прадстаўленыя ва ўзгодненым і вывераным фармаце. Калі Лукашэнка хацеў пачуць пэўную пазіцыю, то ён ужо яе пачуў. У нядзелю Telegram-канал, які вядзе ягоная прэс-служба, фактычна выдаў адказ, які ў першую чаргу быў арыентаваны на Польшчу. Яны выказалі думку, што «Беларусь — мірная краіна, адкрытая да раўнапраўнага дыялогу, якая не ўяўляе пагрозы і адкрыта даводзіць сваю пазіцыю да іншых краін». Было напісана: «Хто хоча пачуць, той пачуе».
Я мяркую, што Лукашэнка даведаўся з СМІ, а магчыма, інфармацыя была перададзеная і праз іншыя каналы, пра сур'ёзнасць намераў польскага боку па перацінанні мяжы. Калі Алейнік учора заявіў аб гатоўнасці да дыялогу, то, на мой погляд, дыялогавая пазіцыя ўжо дакладна вызначаная і ўключае два асноўныя пункты: першы — гэта спыненне міграцыйнага крызісу, справакаванага Лукашэнкам і Пуціным на мяжы, другі — вызваленне палітычных зняволеных у Беларусі. Мне здаецца, што Алейніку трэба ўлічыць гэтыя два пункты, і калі беларускі бок іх выканае, то не будзе неабходнасці для Польшчы перацінаць мяжу. Гэта можа быць разгледжанае як пачатак дыялогу.