23 снежня 2024, панядзелак, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самуэль Аскерка: Як беларускі шляхціч арганізаваў партызанскі рух супраць маскоўскага цара

4
Самуэль Аскерка: Як беларускі шляхціч арганізаваў партызанскі рух супраць маскоўскага цара

Вокамгненныя рэйды партызанаў заспявалі акупантаў знянацку.

Шляхецкі літвінскі род Аскеркаў (герб «Мурдэлія») паходзіў ад полацкіх мяшчанаў. Потым ягоныя прадстаўнікі перасяліліся ў вёску Чалюшчавічы (існуе і да сёння) недалёка ад Мазыра, дзе ў 1599-м годзе і нарадзіўся Самуэль Аскерка, піша vklby.com.

Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў дома. Ва ўзросце блізу 17 гадоў быў выпраўлены вучыцца на філасофскі факультэт у езуіцкую акадэмію ў Кракаве, якую пазней пераймянуюць у Ягелонскі ўніверсітэт.

У 1620 годзе Асманская імперыя пайшла вайной на Рэч Паспалітую. Абавязак кожнага шляхціча – абараняць Радзіму, таму, не скончыўшы вучобу, Самуэль запісаўся ў войска вялікага гетмана літоўскага Яна Карла Хадкевіча. І ў верасні – кастрычніку 1621 года Аскерка ўдзельнічаў у бітве пад Хоцінам.

Пасля Хоціна Самуэль Аскерка ўжо камандаваў харугвай крылатых гусараў, ваяваў супраць шведаў у вайне, якая доўжылася з перамір'ем з 1600 да 1629 года. А пасля наступлення часовага зацішша, у 1638 годзе, ён ажаніўся з дачкой (імя ягонай жонкі не захавалася) Рамана і Алены Філіповічаў, атрымаўшы ў пасаг вёскі Філіповічы і Капаткевічы ў Мазырскім павеце.

Калі ў 1649 годзе ўспыхнула паўстанне Багдана Хмяльніцкага, Самуэлю Аскерку было ўжо пяцьдзясят гадоў, у тыя часы вельмі салідны ўзрост, але, нягледзячы на гэты факт, ён на чале мазырскай харугвы ў складзе войскаў Януша Радзівіла адправіўся ваяваць супраць казакоў.

Пасля гэтай вайны Самуэль Аскерка вярнуўся дадому палкоўнікам Пяцігорскай харугвы войска ВКЛ. Праз нядоўгі час, у 1653 годзе, ён быў абраны таксама мазырскім земскім суддзёй.

Але зусім хутка Самуэль вымушаны быў зноў выправіцца на вайну, цяпер ужо з суседзямі з усходу. У 1654 годзе пачалася трынаццацігадовая вайна паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай.

На самым першым этапе, калі гарады здаваліся маскоўскім войскам адзін на за адным, ён здолеў у кастрычніку 1654 года арганізаваць контрнаступ. Перабраўшыся цераз Бярэзіну, Аскерка разбіў некалькі казацкіх аддзелаў пад Клічавам, потым магутны атрад пад Барысавам і ў выніку выгнаў казакоў з Бялынічаў. Аднак, не атрымаўшы своечасовай падтрымкі ад войскаў ВКЛ, што стаялі пад Менскам, вымушаны быў зноў адысці за Бярэзіну.

Да канца снежня 1654 года Самуэль Аскерка дзейнічаў у авангардзе войскаў ВКЛ на ўсходзе. Ягоны полк першым падышоў да Старога Быхава, горада, які ўжо пяць месяцаў знаходзіўся пад аблогай казакоў Івана Залатарэнкі.

Са сваім конным атрадам Самуэль нейкі час ахоўваў караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра, за што потым атрымаў у дар ад яго маёнткі, канфіскаваныя ў здраднікаў.

У 1656 годзе Аскерка адважна выступіў супраць Кейданскай уніі са шведамі. Сваю першую бітву пад Тыкоцінам з войскам Багуслава Радзівіла (прыхільнікам уніі) ён прайграў. Але пасля ўсё ж выбіў войскі Радзівілаў з Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Акрамя службы ў рэгулярных войсках Самуэль Аскерка займаўся таксама арганізацыяй партызанскага руху на ўсходзе ВКЛ. Ён выступаў за аб'яднанне рэгулярных войскаў з мяшчанамі і сялянамі. Сам жа Самуэль не раз звяртаўся да метадаў партызанскай вайны, хутка і незаваўжна з'яўляючыся ў нечаканых для ворага месцах.

У 1659 годзе разам з аддзеламі Мурашкі і Кміціца ён спрабаваў прарваць аблогу Мсціслава, якую ажыццяўляў атрад маскоўскага ваяводы князя Івана Лабанава-Растоўскага. Ахоўваў ваколіцы Слуцка і там ваяваў з нерэгулярнымі казацкімі войскамі і нязначнымі маскоўскімі атрадамі.

У 1660 годзе, узмацніўшы свой атрад салдатамі са слуцкага гарнізона, Аскерка правёў адзін з сваіх самых хуткіх рэйдаў супраць казакоў у раёне Глуска. Ён разбіў іх пад Зубарэвічамі, а пасля вызваліў Тураў. У сакавіку гэтага ж года разам з Мурашкам ён партызаніў у раёне Нясвіжа, перакрываючы камунікацыі, знішчаючы дробныя атрады і ўвесь час турбуючы ворага раптоўнымі набегамі.

Улетку 1660 года Самуэль Аскерка ваяваў з казакамі ў Пінскім павеце, а потым блакаваў у Старым Быхаве маскоўскі гарнізон. Увосень ён абараняў паўднёвае крыло каралеўскіх войскаў Стэфана Чарнецкага ад нападаў казакоў. Дайшоў да Сожа і вызваліў Чачэрск. Аднак быў разбіты казакамі Васіля Залатарэнкі, які ішоў на дапамогу войскам маскоўскага ваяводы Хаванскага.

У кастрычніку 1660 года Самуэль удзельнічаў у бітве на рацэ Бася супраць маскоўскіх войскаў. Падчас бою ён адвярнуў на сябе асноўныя сілы праціўніка і быў цалкам разбіты. Аднак гэты манеўр дазволіў аддзелам Чарнецкага пераправіцца непрыкметна праз Друць і нечаканым ударам знішчыць праціўніка.

У канцы восені таго ж 1660 года Самуэль Аскерка выбіў з Чавусаў атрад казацкага палкоўніка Івана Нячая. Гэта была ягоная апошняя бітва, ва ўзросце 61 года ён укленчыў у касцёле і скіраваўся дадому на заслужаны адпачынак.

Ваенная дзейнасць была скончаная, і ў мірным жыцці Аскерка прадоўжыў займацца дзяржаўнай дзейнасцю, паколькі ў 1666 г. шляхта абрала яго паслом Сейма і дэпутатам трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага ад Мазырскага павета.

У 1671 годзе Самуэль Аскерка заснаваў каталіцкі манастыр бернардынцаў у Слуцку ў памяць пра сваіх таварышаў, якія загінулі гусарамі. Да нашых дзён касцёл не захаваўся. У 1832 годзе царскія ўлады ператварылі манастыр у казарму, а ў пачатку 1950-х гадоў ён быў знесены.

Самуэль Аскерка памёр у 1679 годзе, месца смерці і пахавання не вядомыя. Пасля сябе пакінуў сына Міхаіла, а ягоны ўнук Антоній стаў вядомым дзяржаўным дзеячам ВКЛ.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках