24 снежня 2024, aўторак, 4:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра сны і рэальнасць

2
Пра сны і рэальнасць
ЛЯВОН ВОЛЬСКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Будзьце асьцярожныя, спадарства.

Ёсьць сны, якія літаральна перасьледуюць мяне. Адзін — мяне забіраюць у войска. Я заходжу ў нейкую вайсковую частку — навабранец — у форме не па памеры, у грувасткіх ботах — і адразу мяйсцовы «дзед» нешта такое непрыязнае мне кажа. Я хачу адказаць яму, маўляў, па-першае, тут нейкая памылка, бо мне па ўзросьце «не паложана» служыць тэрміновую службу, а па-другое, я ўсё ж такі не абы-хто, а цэлы сэржант.

«Дзед» абураецца: чаго гэта «салабон» мае права голасу?! Я гляджу на свае пагоны, а там ніякіх сэржанцкіх лычак няма. І, відаць па ўсім, давядзецца мне два гады служыць тут, у гэтай частцы, зь дзядухаю, якую адразу, з парогу казармы, відаць.

У гэтага сну могуць быць розныя варыянты — напрыклад, я ўсё ж такі застаюся сэржантам, і служыць мне ня два гады, а год, і няма дзядухі, а ўсе жаўнерыкі проста цягаюцца па частцы, панурыя й нягеглыя, і ўсё вакол такое самае — шэрае, панурае і нягеглае. Але, нягледзячы на розныя варыянты-мадыфікацыі сну, незьменным застаецца адно — адчуваньне, што здарылася штосьці вельмі кепскае, а ты нічога ня здольны зьмяніць.

Сны пра Беларусь

Другі сон — я ў Беларусі. Я ў Менску, тут сьвята гораду (ці нейкае іншае, але сьвята). Шашлыкі, дым, шапікі зь беляшамі і півам-гарэлкай, шмат народу, усе ўсьміхаюцца, запрашаюць мяне далучыцца да фэсту. А мяне адно ліхаманіць: як я тут апынуўся?! Якім чынам я праехаў празь мяжу, і што цяпер рабіць? Як прабірацца назад? Лясамі-пералескамі-балатамі-хмызамі? Празь якую мяжу?

Гэты сон таксама мае шмат варыянтаў.

Ня сьвята гораду, а звычайны дзень. Сяджу на лаўцы на аўтобусным прыпынку і думаю, што трэба надзець на твар маску, каб камэры не ідэнтыфікавалі асобу. Шукаю ў торбе, але маскі няма. Чаму яе няма, заўсёды ж тут ляжала?! Ну, вось ляжала-ляжала, а цяпер недзе згубілася...

Ці то я ў вёсцы (як я тут апынуўся, не разумею?!), выходжу на ганак і бачу, як праз поле, нібы ў фільмах пра вайну, на мяне йдзе ўзвод жаўнераў з аўтаматамі. Ужо цемнавата, яны асьвятляюць сабе дарогу ліхтарыкамі. Жаўнеры яшчэ далёка, і я ліхаманкава думаю: ці ёсьць у хаце зброя? Нешта ж павінна быць! Забягаю ў хату, высоўваю шуфляды... І прачынаюся.

Выпадак у Грузіі

Я сьню гэта раз на некалькі месяцаў. Войска — радзей, Беларусь — часьцей. Але аднаго разу наяве патрапіў у сытуацыю, калі хацелася прачнуцца, і каб усё гэта скончылася.

Мы з гуртом прыляцелі ў Грузыю. У аэрапорт Кутаісі. Пашпартны кантроль. Чамусьці там гэтым кантролем займаюцца не памежнікі, а паліцыя. І вось я даю свой пашпарт немаладой, але артыстычнай паліцыянтцы, яна глядзіць у манітор кампутара, потым — на мяне, потым — зноў у манітор. Паўза зацягваецца.

— Што адбываецца? — пытаюся я. — Нейкія праблемы?

— Не нэрвуйцеся, — адказвае паліцыянтка. — Я чакаю на інфармацыю.

Чаканьне расьцягнулася. Ужо ўсе музыкі прайшлі кантроль, замаўляюць сабе ежу ў кавярні, а мяне ўсё не прапускаюць. Мінула з паўгадзіны.

— Дык а што ўсё ж такі адбываецца? — зноў пытаюся я ў паліцыянткі.

— Ну, я ня ведаю. Не прыходзіць інфармацыя, неабходная для таго, каб вас прапусьцілі.

— Дык, можа, я ў нейкім сьпісе? Можа, вам нешта такое даслалі беларускія ўлады?

— Можа быць, — шматзначна азываецца паліцыянтка.

І тут я адчуў сябе ў сьне. У тым, пра Беларусь. Грузыя не ў Шэнгене, далёка ад РБ, і тут ніхто ня будзе разьбірацца, якім чынам і празь якія свае ўчынкі ты патрапіў у нейкі там «крымінальны» сьпіс! Дэпартацыя, па цябе зь Беларусі прылятаюць службовыя асобы — кайданкі, трап, і тут ужо — крычы — не крычы...

— І што, можа быць дэпартацыя?

— Ну-у-у, — неяк няўпэўнена працягнула паліцыянтка. — У любым выпадку, я хачу, каб вы ведалі: калі што, дык я — на вашым баку.

Ясна. У сэнсе «нічога асабістага». «Па якую халеру я паляцеў у гэтую Грузыю?! Казалі ж, што па-за Эўразьвязам вандраваць небясьпечна!», — віравалі думкі ў маёй галаве.

І тут здарыўся цуд! Паліцыянтка вярнула мне пашпарт, пажадала прыемнай вандроўкі і падаравала маленькую бутэлечку «Сапэраві».

Я падышоў да музыкаў, якія харчаваліся ў кавярні. Сеў за іхні столік і наліў у келіх віно.

— Чаго так доўга? — запыталі яны.

— Зараз зраблю глыток і распавяду.

Важныя высновы

Будзьце асьцярожныя, спадарства! Нядаўні выпадак зь Дзіянай Маісеенка дэманструе, што рана яшчэ нам наведваць краіны па-за Эўразьвязам. Лепей устрымацца. Бо калі патрапіш у гэткую сытуацыю нават з добрым фіналам, вашыя нэрвы ня вартыя такіх выпрабаваньняў, паверце. Праверана асабістым досьведам.

Лявон Вольскі, budzma.org

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках