«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!»
2- 30.08.2023, 11:15
- 4,534
Пяць фактаў пра «Пагоню» — герб нашых продкаў.
У рамках спецпраекта «Неперапісаная гісторыя» «Салідарнасць» прапануе вашай увазе цыкл публікацый пра нацыянальныя сімвалы Беларусі. Пачнем з герба «Пагоня».
Першыя ўзгадкі
Першыя выявы узброенага вершніка з’явіліся на тэрыторыі Заходняй Еўропы ў 11 стагоддзі. Як правіла, гэта былі княжацкія пячаткі. Па адной з версій, упершыню «Пагоня» згадваецца ў летапісах у якасці афіцыйнага сімвала каля 1270 года — гаворка пра княжацкі і гарадскі герб Наваградка.
«А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня», — лічыцца, што гэта першая пісьмовая згадка назвы старажытнага герба, знойдзеная ў Густынскім летапісе, датаваная 1278 годам.
Праўда, навукоўцы дагэтуль спрачаюцца пра аўтэнтычнасць летапісу, ёсць здагадкі пра магчымыя маніпуляцыі з боку расейскіх даследчыкаў 17-18 стагоддзяў. Зрэшты, ягоны арыгінал не захаваўся, што дае нагоду для версій пра стварэнне копіі летапісу больш сучасным почыркам.
Чаму «Пагоня»? Тлумачаць вялікі князь Ягайла і гісторык Ткачоў
Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй грамаце ад 20 лютага 1387 года, напісанай на лацінскай мове, так тлумачыў паходжанне назвы герба: «У тым жа разе, калі давядзецца гнацца за ворагамі і непрыяцелямі нашымі, дык у гэтае сцігаванне, што па-народнаму завецца пагоняй, абавязаныя ісці не толькі рыцары, але і кожны мужчына, незалежна ад паходжання і багацця, абы ён здольны быў насіць зброю».
Дарэчы, выява «Пагоні» ўпрыгожыла надмагілле князя Ягайлы.
Напрыканцы 1980-х слынны беларускі гісторык Міхась Ткачоў тлумачыў, як даўняя традыцыя, што панавала на землях будучага Вялікага Княства Літоўскага, атрымала сваё геральдычнае ўвасабленне:
— Кожны адказваў за жыццё свайго супляменніка. У выпадку нечаканага нападу і захопу ў палон праціўнікам прадстаўніка дадзенага племя або жыхара паселішча, кожны мужчына, які меў права насіць зброю, абавязаны быў конна або пехатой кінуцца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палоннікаў.
Герб дзяржавы, гарадоў і князёў
Першапачаткова «Пагоня», як сімвал, належала выключна вялікім князям, пачынаючы ад Гедзіміна. Вітаўт Вялікі надаў ёй дзяржаўны статус.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года абавязваў усе гарады і мястэчкі дзяржавы мець пячатку з выявай «Пагоні», якой замацоўваліся велікакняжацкія позвы да абывацеляў.
Як казаў у адным з інтэрв’ю геральдыст Анатоль Цітоў, той запіс у Статуце азначае, што «мы маем ня толькі стыхійнае, летапіснае, але і юрыдычнае замацаванне «Пагоні» за беларускімі землямі».
Герб упрыгожваў усе дзяржаўныя дакументы на землях тагачаснай Беларусі — ад «Літоўскай метрыкі», да «Cтатутаў ВКЛ».
Выява «Пагоні» прысутнічала на гербах Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Мсціслаўскага і Полацкага ваяводстваў.
У нашы дні выява ўзброеннага вершніка месціцца на гербах Віцебскай вобласці, Рэчыцы і Магілёва.
І, канечне, «Пагоня» ўпрыгожвала харугвы беларуска-літоўскага войска ў тагачасных славутых і лёсавырашальных бітвах — з тэўтонцамі пад Грунвальдам, з маскоўскай навалай — пад Воршай.
Перажыла царскую Расію, трапіла пад забарону васала Крамля
Расійская імперыя не стала змагацца да пераможнага канца з сімваламі захопленых у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і ВКЛ тэрыторый.
Першапачаткова выява «Пагоні» з’явілася на сцягах вайсковых фармаванняў, што складаліся з беларускіх ваяроў.
Потым яе пачалі выкарыстоўваць у гербах «беларускіх» (усходніх) і «літоўскіх» (заходніх) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расійскай імперыі.
Адзначым, што выява вершніка ў гэтых выпадках размяшчалася пад выявай двухгаловага арла, што сведчыла пра падпарадкаванасць сімвала.
У 1916-м славуты беларускі паэт Максім Багдановіч прысвяціў старажытнаму сімвалу верш, які стаў прадвесцем аднаўлення ягонага дзяржаўнага статуса. Спачатку ў 1918-м, калі «Пагоня» стала афіцыйным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, а потым і ў 1991-м.
Горкая іронія лёсу — пад фактычнай забаронай «Пагоня» апынулася стараннямі сучаснага васала Крамля. Пра змаганне Аляксандра Лукашэнкі з нацыянальнымі сімваламі можна будзе прачытаць у нашых наступных публікацыях.
Супольная спадчына — погляд звонку
Напрыканцы працытуем ўкраінскага гісторыка Ігара Сюндзюкова, каб нагадаць, што ВКЛ, як і «Пагоня» — гэта супольная спадчына народаў, чые продкі жылі на землях Вялікага Княства:
— І ў Кіеўскай Русі, і ў часы Каралеўства Рускага, і падчас Вялікага Княства Літоўскага адбываўся важны для гісторыі працэс, які ў вырашальнай ступені спрыяў узнікненню і хуткаму, магутнаму сцвярджэнню «Пагоні» як агульнага, аб’яднальнага дзяржаўнага сімвала на старажытнаўкраінскіх, літоўскіх і беларускіх тэрыторыях.
Гаворка ідзе аб атаясамленні фігуры рыцара — змястоўнага і кампазіцыйнага цэнтра герба — з фігурай абаронцы Айчыны — вось дзе стрыжань гістарычнага спалучэння часоў, якія з’яўляюцца вельмі важнымі і для нас сёння!